НАРАДО́М СІЯНУ́К (н. 31.10.1922, Пнампень),
дзяржаўны дзеяч Камбоджы. Вучыўся ў В’етнаме і Францыі. У 1941—55 кароль Камбоджы, у сак. 1955 адрокся ад прастола на карысць бацькі Нарадома Сурамарыта. У 1955—60 прэм’ер-міністр Камбоджы, пасля смерці свайго бацькі (1960) кіраўнік дзяржавы. У 1970 скінуты ваеннымі. Узначальваў у Пекіне Каралеўскі ўрад нац. саюза Камбоджы. Пасля захопу ўлады ў крас. 1975 «чырвонымі кхмерамі» вярнуўся ў Камбоджу, дзе лічыўся ў 1975—76 кіраўніком дзяржавы, але фактычна знаходзіўся пад хатнім арыштам. У студз. 1979 вызвалены. Асудзіў у 1979 увод в’етн. войск у Камбоджу, у 1982—88 узначальваў Нар. нац. вызв. фронт, які вёў узбр. барацьбу супраць урада Нар. Рэспублікі Кампучыя. У кастр. 1991 вярнуўся ў Камбоджу, у 1991—93 старшыня Вярх. нац. савета. З вер. 1993 кароль Камбоджы.
т. 11, с. 145
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)